КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 году ў вёсцы Мастаўляны пад Беластокам. Паходзіў са шляхецкага роду Каліноўскіх герба "Калінава", які паводле пісьмовых крыніцаў вядомы з XVII стагоддзя. Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасьля ягонага продажу у 1836 годзе бацька будучага кіраўніка паўстаньня заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку, у 1849 годзе набыў фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Сваслач Ваўкавыскага павета. Там прайшло дзяцінства Кастуся.
Першапачатковую адукацыю будучы рэвалюцыянер атрымаў у Сьвіслацкай павятовай навучальні. Вялікі ўплыў на яго меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце, вывучаў на даручэньне Віленскай архэалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 годзе Кастусь паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. Ужо ў студэнцтве ён рашуча ступіў на сьцяжыну палітычнай барацьбы з самаўладзьдзем, разам з братам належаў да рэвалюцыйнага гуртку Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага. На Бацькаўшчыну Каліноўскі вярнуўся ў 1861 годзе перакананым змагаром супроць царызму.
Кастусь стаўся стваральнікам і душой нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Горадні, разам з паплечнікамі езьдзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў, рыхтуючы іх да паўстаньня. Гэтай мэце служыла і нелегальная беларуская газэта "Мужыцкая праўда", якую надзелены яскравым публіцыстычным і літаратурным талентам Каліноўскі пачаў выдаваць у 1862 годзе супольна з Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валерам Урублеўскім.
Прайшло больш за стагодзьдзе, але палымяны пратэст выдаўцоў газэты супраць каляніяльнай палітыкі Расейскай імпэрыі, заклік здабыць сапраўдную волю і незалежнасьць ня страцілі сваёй актуальнасьці. Невыпадкова поўныя тэксты "Мужыцкае праўды" ў Беларусі удалося надрукаваць толькі ў 1988 годзе.
"Толькі тады народзе зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табой ужо ня будзе" - напісаў Каліноўскі ў адным з нумароў "Мужыцкай праўды" - гэтыя словы славутага змагара і нацыяналіста ня страцілі саёй актуальнасьці і сёньня.