Тэкст выступу  

                                                                        Добры дзень , паважаныя паны-браце беларусы!

     Эўрапейская цывілізацыя даўно выпрацавала формулу стварэння дзяржавы, у якой асоба адчувае сябе камфортна. Гэтая формула завецца Дэмакратычная Нацыянальная дзяржава. У такой дзяржаве падтрымліваецца грамадзянская ініцыятыва ва ўсіх сферах грамадскага і эканамічнага жыцця, створаны шырокія магчымасці для самарэалізацыі грамадзян у любой сферы дзейнасці.

Неабходна канстатаваць, што ў беларусаў на сённяшні дзень нацыянальнай дзяржавы няма. Той Беларусі, аб якой марылі стваральнікі БНР, пра якую працягваюць марыць сучасныя нацыянальна-арыентаваныя грамадзяне - не існуе. Таму, на мой погляд, няма сэнсу , паважаныя паны-браце беларусы!

 

Ключавыя пытанні нашага з'езду – захаванне дзяржаўнасці і слабая ідэнтычнасць беларусаў.

Калі мы гаворым аб дзяржаве і яе суверэнітэце, то на пачатку трэба вызначыцца: ці з'яўляецца дзяржава каштоўнасцю самой у сабе? Ці дзяржава набывае каштоўнасць, калі яна адказвае нашым чаканням і запатрабаванням?

Іншымі словамі, ці павінны мы, беларусы, турбавацца аб захаванні суверэнітэту дзяржавы-аскепка СССР, у якой постсавецкая аўтарытарная ўлада душыць нашае нацыянальную жыццё і парушае нашыя грамадзянскія правы і свабоды?

У таталітарным СССР ўлады знішчалі і рэпрэсавалі лепшых людзей нашага народу. Сённяшняя Рэспубліка Беларусь – прамая спадкаемка БССР. Тут міністр дазваляе сабе апранаць форму катаў НКВД. Тут захаваны савецкія гімн, герб, сцяг, назвы вуліц. Тут тыя ж метады кіравання і гаспадарання, тое ж стаўленне да людзей. Тут па-ранейшаму квітнее тэлефоннае права. Для падаўлення нязгодных у вялікай колькасці набыты «аўтазакі». Тут самая вялікая ў свеце колькасць паліцыі (міліцыі) на душу насельніцтва*.

/* ААН рэкамендуе 222 палісмэна на 100 тысяч насельніцтва. У нас жа 1442 чалавека на 100 тысяч насельніцтва, г. зн. у 6,5 разоў больш! /

гаварыць аб дзяржаўным суверэнітэце. Аб гэтым няхай хвалююцца чыноўнікі постсавецкай адміністрацыі. Наша задача – працягваць нацыянальнае развіццё ў тых вузкіх рамках, якія ўсталявала для нас аўтарытарная ўлада (і на тое ёй дзякуй).

 

Цяпер, што тычыцца слабой нацыянальнай ідэнтычнасьці, якую мы ўсе фіксуем на працягу многіх гадоў.

Еўрапейскія нацыі будаваліся шляхам фарміравання ў сваіх прадстаўнікоў станоўчай (пазітыўнай) нацыянальнай ідэнтычнасці, пры якой усё, што звязана з роднай гісторыяй, культурай, традыцыямі, мовай выклікае падтрымку, лучнасьць і станоўчыя эмоцыі.

Трэба прызнаць, што ў беларусаў пераважае адмоўная (негатыўная) нацыянальная ідэнтычнасць. Рэальна яна абмяжоўваецца традыцыйным вызначэннем сябе ў якасьць беларусаў на перапісах насельніцтва.

Беларускі нацыянальны праект быў аформлены ў СССР. Галоўнай мэтай савецкіх нацыянальных праектаў было пазбаўленне народаў ад нацыянальнай ідэнтычнасці дзеля стварэння безнацыянальнага камуністычнага грамадства на аснове расейскай мовы і культуры.

Неабходна адзначыць, што ў дачыненні да беларусаў савецкія паліттэхнолагі са сваёй задачай справіліся вельмі паспяхова.

Нам напісалі непрывабную гісторыю, у якой мы заўсёды былі прыгнечаным народам, нам намалявалі непрыглядны вобраз беларуса-батрака, у нашую свядомасьць заклалі савецкія культурныя коды, па якім мы сёння жывем. Для нас нават падабралі адпаведную саманазву, якая прыжылася і ўспрымаецца сёння як спрадвечная.

Такая ідэнтычнасць павінна была выклікаць негатыўныя эмоцыі і жаданне бегчы ад яе. І беларусы беглі і бягуць ад такой ідэнтычнасці – і ў часы БССР і сёння. Тым больш яе не прымае новае пакаленне. Менавіта гэта мы фіксуем з года ў год.

Негатыўная ідэнтычнасць патрабуе пераадолення. І новае пакаленне беларусаў знайшло для сябе выхад. Усё больш асвечаных беларусаў, асабліва ў асяроддзі моладзі, называе сябе «літвінамі», выводзіць сваю этнічнасць з ВКЛ і нават з дахрысціянскіх часоў. На нашых вачах адбываецца нараджэнне новай «тутэйшай» ідэнтычнасці.

Гэтыя новыя беларусы-літвіны прызнаюць сваімі сімваламі Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг. Яны носяць вышыванкі, арганізуюць гурткі вывучэння мовы, святкуюць Купалле, перамогу на Грунвальдскім полі і пад Оршай, збіраюцца на рыцарскія фэсты і рок-фестывалі, ўтвараюць групы ў сацсетках, даюць свем дзецям імёны літоўскіх князёў. У гэтай новай ідэнтычнасці закладзена іншая грамадзянская пазіцыя, іншая эстэтыка, іншы культурны код, іншае бачанне мінулага і будучыні сваёй краіны.

Гэты новы нацыянальны праект ажыццяўляецца і будзе ажыццяўляцца, незалежна ад жадання чыноўнікаў і адміністрацыі прэзідэнта.

Гэта іншы цывілізацыйны выбар новага пакалення, за якім будучыня. І гэта зразумела, бо цывілізаваная еўрапейская будучыня ў прававой нацыянальнай дзяржаве нашмат цікавей і прывабней, чым гібенне ў мадэрнізаваных Саветах з перспектывай спаўзці ў сучаснае варварства так званага «рускага свету» ці ператварыцца ў новую Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы.

 

У заключэнне хацелася б даць свой адказ на два ключавых пытанні.

Ці трэба нам свая дзяржава: так, трэба! Але гэта павінна быць канцэптуальна іншая дзяржава. Гэта павінна быць нацыянальная дзяржава еўрапейскага тыпу з грамадзянскімі свабодамі, са свабодна абіраемай і рэгулярна зменнай уладай, з выразным, ясным і прывабным вобразам будучыні.

Ці патрэбна нам ідэнтычнасць: так, патрэбна! Але гэта мусіць быць сучасная нацыянальная ідэнтычнасць, якая выклікае толькі станоўчыя эмоцыі, якую хочацца культываваць у сабе самом і ў сваіх дзецях!

 

Шчыра дзякую за ўвагу!

Жадаю ўсім поспехаў і плённай працы на ніве нацыянальнага адраджэння!